Касцёл св. Уладзіслава ў
Суботніках
Уладзіслаўскі касцёл у в. Суботнікі, пабудаваны ў 1904—1907 гг. па
фундацыі графа Уладзіслава Умястоўскага і ягонай жонкі Яніны. Часткова
пашкоджаны ў гады 2-ой сусветнай вайны, у 1947 г. адноўлены.
Касцёл — помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане
чырвонацагляны карабель храма накрыты двухсхільным дахам з вытанчанай
сігнатуркай над прэсбітэрыям, пяцігранная апсіда — вальмавым,
сіметрычныя сакрыстыі — двухсхільнымі дахамі. Сяродкрыжжа дахаў па тыпу
нармандскіх сабораў завершана лёгкай і вытанчанай сігнатуркай. Масіўная
трох'ярусная вежа на галоўным фасадзе завершана высокім гранёным шатром.
Па баках яе — невялікія гранёныя аб'ёмы лесвічных шахт.
Будынак уражвае ўпэўненай прыземленасцю кампазіцыі, дзякуючы жорсткай
сувязі масіўных сцен са ступеньчатымі контрфорсамі, якія рытмічна
расчляняюць прасценкі стральчатых вокнаў і "падпіраюць" іх вуглы.
Чысціня і дакладнасць цаглянай муроўкі прывабліваюць так, як і чысціня і
прыгажосць сілуэтнай лініі будынка. Унутры касцёл падзелены слупамі на
тры нефы, перакрытыя цыліндрычнымі з распалубкамі скляпеннямі. Дзякуючы
гэтым успарушаным скляпенням і міжнефавым аркадам унутраная
архітэктурная прастора не здаецца замкнёнай і абмежаванай жорсткімі
сценамі; яна набывае рух, свабоду ўзаемасувязей нефаў — тое, чаго не
мелі малітоўныя залы класіцыстычных храмаў, абмежаваныя плоскаснымі
геаметрызаванымі сценамі.
На мемарыяльнай пліце ўсталяванай у 1931 г. ў склепе касцёла надпіс:
"Фундатары гэтага касцёла Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія з Жэмласлава.
Касцёл пастаўлены на месцы даўняга малага драўлянага касцёла і асвячоны
ў 1904 г., толькі ён ня быў яшчэ скончаны. Цела фундатара было ўнесена ў
1905 г. Потым былі ўнесены парэшткі даўно памерлых найбліжэйшых
родзічаў. Вынесены падчас пабудовы з склепу старога касцёла ў падвойных
трунах у капліцу на могілках, што пры касцёле і ўнесены ў склеп новага
касцёла. Надпіс гэты зроблены на памяць у 1931 г."
Крыніца:
А.М. Кулагін
Эклектыка
Мінск, Ураджай, 2000
Жыццё
парафіі (на польскай мове)
проект
Гецевича Андрея 2004 г.,
декабрь, 10 число.
|